партал беларускага фальклору

галоўная | | адзеньне | | рамёствы | | сьпевы | | гульні | | танцы | | вусная творчасьць | | абрады | | гасьцёўня
Наш спонсар:
УП "КансалтЮрСэрвіс" -
увесь сьпектар юрыдычных паслугаў,
г. Менск, вул. Пляханава, 28/1-2; тэл. 247-73-49
 

рэкляма



 

 

 

 

АДЗЕНЬНЕ

мужчынскі касцюм. верхняе адзенне


Геаграфічнае размяшчэнне і клімат Беларусі абумовілі неабходнасць верхняга адзення ў беларусаў, якое надзявалася ў халодную пару года. Першыя вядомыя нам звесткі аб верхнім адзенні на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца ў матэрыялах XVI ст., дзе пералічваюцца назвы, тканіны, у некаторых выпадках колер верхняга адзення розных слаёў насельніцтва. Так, у актах Гродзенскага земскага суда за 1539-1540 гг. даецца апісанне адзення заможных слаёў і простага народа. У багатых, напрыклад, адзначаюцца шуба з футра лісы, пацягнутая дарагім сукном, зіпун з кельцкага палатна, а ў простага народа - кажух, шэрая сярмяга 1.

Найбольш поўныя даныя па верхняму народнаму адзенню беларусаў маюцца ў матэрыялах пачынаючы з другой палавіны XIX ст.

У гэты перыяд беларусы шылі верхняе адзенне ў большасці выпадкаў з матэрыялаў хатняга вырабу: сукна, аўчын, палатна. Але з канца XIX ст. у сувязі з інтэнсіўным развіццём капіталізму і ў выніку ўзросшых сувязей паміж горадам і вёскай у сельскую мясцовасць пачынае пранікаць верхняе адзенне з фабрычных матэрыялаў. З'явілася яно ў першую чаргу ў вёсках, якія знаходзіліся непадалёку ад гарадоў і мястэчак, а таксама ў месцах, звязаных з адыходнымі промысламі. Так, напрыклад, у жыхароў в. Лучын Рагачоўскага павета, дзе большасць мужчын займаліся сплавам лесу, было пашырана верхняе адзенне з куплёнага чорнага матэрыялу - "ангеркі" 2. Шыліся яны прамымі, крыху прыталенымі, на падкладцы з кудзелі. Пранікненню ў вёску верхняга адзення з фабрычных матэрыялаў садзейнічала, відаць, і развітая ў той час тэкстыльная прамысловасць Беларусі. Толькі ў Мінскай губерні налічваліся чатыры суконныя фабрыкі, прадукцыя якіх збывалася не толькі ў Беларусі, a ў значнай колькасці пастаўлялася за яе межы: у Кіеў, Маскву, Варшаву і інш. 3 Аднак, нягледзячы на гэта, у канцы XIX і пачатку XX ст. верхняе адзенне з куплёных фабрычных матэрыялаў займала параўнаўча нязначнае месца. Асноўная маса сялянства па-ранейшаму шыла адзенне з даматканіны.

Самым пашыраным матэрыялам для вырабу верхняга адзення з'яўлялася сукно. Верхняе адзенне з сукна было распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі Беларусі, асабліва ў Гродзенскай і Мінскай губернях, дзе была больш развіта авечкагадоўля 4.

У раёнах ільнаводства 5 (Віцебская, поўнач Віленскай, Магілёўскай губерняў) верхняе адзенне, апрача сукна, шылі з паўсукна і палатна. Сукно і паўсукно выраблялі з воўны нізкай якасці (звычайна веснавой стрыжкі). Стрыглі авечак уручную спружыннымі нажніцамі, якія, калі меркаваць па археалагічных даных, былі вядомы на тэрыторыі Беларусі ў II - V стст. н. э. 6. Воўну абавязкова мылі, сушылі, скублі рукамі, а потым часалі на спецыяльных ваўначосках і пралі пры дапамозе верацяна ці на калаўроце ("самапрадка"). Сукно і паўсукно ткалася пераважна ў чатыры ніты. Пры такім спосабе ткання матэрыял набываў яшчэ большую шчыльнасць і моцнасць.

Гатовыя матэрыялы падвяргаліся некаторай дадатковай апрацоўцы. Сукно і паўсукно абавязкова валілі ў спецыяльных майстэрнях - "валюшнях" або ў хатніх умовах.

Сукно часта фарбавалі ў карычневы, зрэдку ў чорны колер. Спосабы фарбавання сукна былі розныя. Напрыклад, у паўднёва-заходніх раёнах Беларусі для фарбавання сукна ў карычневы колер ужывалі торф. Яго клалі ў чыгун, залівалі вадой і ставілі ў печ, потым у гэту масу клалі сукно і трымалі суткі і нават больш. У некаторых выпадках сукно проста мачылі ў балотнай, "іржавай" вадзе, а потым яшчэ клалі ў настой іржавага жалеза: звычайна бралі стружку, якую ў некаторых месцах, напрыклад у Мінскай губерні, называлі "брусына ад тачыла". Атрымліваўся чорны колер, і, як адзначаюць інфарматары, сукно, пафарбаванае такім спосабам, ніколі не ліняла.

Палатно для верхняга адзення ткалася з ва-локнаў ільну нізкай якасці. Ткалася яно, як і сукно, пераважна ў чатыры ніты. Сустракалася і двухнітовае, а ў некаторых месцах трох- і нават пяцінітовае. Палатно, прызначанае для верхняга адзення, не заўсёды адбельвалася. Бялілі яго ў тых выпадках, калі трэба было фарбаваць. Фарбавалі ў розныя колеры пры дапамозе кары: альховай, івавай, дубовай і інш.

Для вырабу верхняга адзення ў значнай ступені выкарыстоўваліся і аўчыны, якія ў канцы XIX - пачатку XX ст. у асноўным адбельваліся. Займаліся гэтым спецыяльныя майстры - аўчыннікі 7. Але працэс адбельвання аўчын не вельмі складаны, і ў радзе выпадкаў гэта рабілася ў хатніх умовах. Для адбельвання аўчын ужывалі жытнюю муку (часам дабаў-лялі аўсяную) 8, мел, соль. На вымачаную і ачышчаную ад мязгі аўчыну наносілі слой заваранага прэснага цеста, пасля чаго складвалі аўчыну воўнай наверх і клалі ў ваду на некалькі дзён (старыя аўчыны трымалі да двух тыдняў). Калі аўчына адкісне (тады воўна злёгку вырываецца), яе вымалі з вады і не вельмі вострай прыладай ачышчалі ад цеста. З гэтай мэтай часцей за ўсё ўжывалі старую касу, а ў некаторых месцах (на Брэстчыне) рабілі спецыяльныя драўляныя прылады з металічнай, не вельмі вострай пласцінкай - "клюкі". Такі спосаб адбельвання аўчын быў вядомы на ўсёй тэрыторыі Беларусі, але з некаторымі адрозненнямі. Так, на Магілёўшчыне аўчыну клалі ў кісла-салёны мучны "квас" дзён на 3-5 9. У радзе месц Мінскай і Магілёўскай губерняў (Мазырскі, Бабруйскі паветы і інш.) ужывалі яшчэ мел: вымачаную аўчыну некалькі разоў націралі мелам і ачышчалі касой. Прычым гэты працэс паўтараўся, пакуль аўчына не рабілася зусім белай. Але так старанна адбельвалі аўчыны для святочнага адзення (асабліва жаночага). Звычайна ж аўчыны толькі вымочвалі, і яны мелі жоўты колер.

У беларусаў у канцы XIX ст. побач з адбельваннем было вядома і дубленне аўчын. Гэты спосаб даволі прымітыўны. Настойвалі дубовую, яловую, часам лазовую кару (у залежнасці ад пажаданага колеру); калі вада рабілася цёмнай, туды на суткі ці больш клалі аўчыны. Аднак шырокага распаўсюджання ў гэты перыяд дубленне аўчын не мела. Напрыклад, на Магілёўшчыне, як адзначае А. Дэмбавецкі, дубілі аўчыны толькі ў гомельскім павеце 10.

У адрозненне ад плечавога жаночага і мужчынскага адзення, якое шылі ўручную самі жанчыны, верхняе адзенне шылася толькі спецыяльнымі краўцамі і звычайна без папярэдняй прымеркі. Асноўныя элементы крою як мужчынскага, так і жэночага верхняга адзення беларусаў у большасці выпадкаў былі аднолькавымі. Адрозненні заключаліся ў асобных дэталях неканструктыўнага характару (даўжыня, упрыгожанні). Жаночае верхняе адзенне ў радзе выпадкаў шылася даўжэйшым і болын упрыгожвалася.

Верхняе адзенне ўсіх тыпаў было расхінным і зашпільвалася на гаплікі або драўляныя, абшытыя сукном гузікі, а часта світа або кажух толькі падпяразваліся поясам. Верхняе адзен-не шылася, як правіла, без падкладкі. Для ўсіх тыпаў быў характэрны адкладны каўнер, радзей нізкі стаячы. Апошні ў канцы XIX - пачатку XX ст. часцей сустракаўся на поўдні Беларусі. Рукавы былі ўстаўнымі і ўшываліся на ўзроўні пляча, а ў некаторых выпадках - на некалькі сантыметраў ніжэй пляча. Тлумачылася гэта меркаваннямі эканоміі: мясцовыя краўцы выкарыстоўвалі цэлы матэрыял, не рэзалі яго. Спінка, пярэдняе крыссе і проймы для рукавоў не выкройваліся, а проста сшываліся на плячах па ўсёй шырыні сукна, а потым ушываўся рукаў. I тое, наколькі ніжэй пляча ўшываўся рукаў, залежала ад шырыні сукна. Ад шырыні сукна залежала і яшчэ адна асаблівасць, якая, на наш погляд, заслугоўвае ўвагі. Звязана яна з тым, якім было верхняе адзенне беларусаў - двухбортным ці аднабортным.

Да гэтага часу лічылася, што верхняе народнае адзенне беларусаў XIX - пачатку XX ст. было двухбортным і пры любым кроі адно крысо глыбока заходзіла за другое. Але гэта не зусім так. I тое, наколькі адно крысо заходзіла за другое, не залежала ад крою. Даныя сведчаць, што адзенне аднаго і таго ж крою шылася як двухбортным, так і аднабортным. Калі сукно было шырокім, то крыссе мела вялікі заход, а калі вузкім, яно амаль не сыходзілася.

У залежнасці ад крою на тэрыторыі Беларусі к XIX - пачатку XX ст. можна вылучыць некалькі тыпаў верхняга адзення. Асноўным і самым пашыраным было суконнае адзенне тыпу "світа" прамога халатападобнага крою, пры якім вельмі эканомна расходаваўся матэрыял. У адзенні дадзенага тыпу спінка і крыссе былі прамымі, нідзе не звужаліся. Па баках для шырыні ўстаўляліся кліны. Рукавы прамыя. Каўнер часцей адкладны. Хоць адзенне прамога крою і было найбольш пашыраным, пераважала яно ў паўночнай Беларусі (Віленская, Віцебская, паўночная частка Мінскай губерняў) (карта 15). Гэты тып верхняга адзення вядомы ў заходніх і ўсходніх славян.

У паўднёва-ўсходніх і заходніх раёнах суконнае адзенне па крою было больш разнастайным. Тут побач са світай прамога крою была распаўсюджана світа з "вусам" (рыс. 15). Крой яе заключаўся ў наступным: спінка суцэльная, крыссе гладкае, у бакавыя швы ад лініі таліі ўстаўляліся трохвугольныя кліны-"вусы". Гэты тып адзення меў і некаторыя лакальныя асаблівасці. Так, у Магілёўскай і паўднёвых раёнах Мінскай губерні світа з "вусам" шылася ў талію, бакавыя кліны былі даволі шырокія і збіраліся ў зборкі. Для такой світы быў характэрны нізкі стаячы каўнер, зашпільвалася яна толькі на гаплікі. У паўднёва-заходнім Палессі світа такога тыпу шылася з прамой або завужанай у таліі спінкай. Каўнер адкладны, бакавыя кліны нешырокія, гладкія. У большасці выпадкаў світа не зашпільвалася, а толькі падпяразвалася поясам. Крой світы з "вусам" у канцы XIX - пачатку XX ст. быў распаўсюджан на тэрыторыі Палесся (карта 15). Аднак можна гаварыць, што дадзены тып верхняга адзення быў вядомы і ў паўночна-ўсходніх раёнах Беларусі, але там ён знік раней, і ў канцы XIX ст. світу "з вельмі вялікімі кры-ламі" там ужо не насілі 11.

На Палессі такая світа сустракалася яшчэ Ў 20-30-я гады XX ст. Світа такога крою, апрача беларусаў, была вядома ў палякаў 12, балгар 13, украінцаў 14.

Менш распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі была суконная світа з адразной спінкай па лініі таліі ў зборку. Перад складаўся з дзвюх суцэльных полак, спінка - з адной і на лініі таліі адразалася. Ніжняя частка спінкі складалася з дзвюх і больш полак (у залежнасці ад шырыні сукна), збіралася ў зборкі і прышывалася да верхняй, адразной часткі. Зашпільвалася такая світа звычайна на гаплікі. Для гэтага тьшу адзення больш характэрны невыcокі стаячы каўнер. Асноўныя раёны бытавання - Магілёўская губерня і паўднёвыя паветы Мінскай (Мазырскі, Рэчыцкі і інш.). На астатняй тэрыторыі Беларусі світа ў зборкі сустракалася вельмі рэдка і адзначана намі ў некато-рых паветах Гродзенскай губерні 15. У XIX і пачатку XX ст. такі тып верхняга адзення, апрача беларусаў, быў вядомы літоўцам 16, рускім 17, украінцам 18.

У Мазырскім, Ігуменскім і Бабруйскім паветах Мінскай губерні лакалізаваўся крой світы з фалдамі (карта 15). Світа такога тыпу шылася звычайна з больш шырокага сукна. Пярэдняе крыссе было суцэльным. Спінка фігурная, неадразная, звужаная ў таліі; на спіне па баках ад пройм рукавоў зашываліся глыбокія вытачкі, якія ніжэй таліі ўтваралі ўнутраныя складкі - "фалды", "фанды". (У некаторых месцах Беларусі фалдамі называлі звычайныя зборкі). Каўнер быў стаячым. Зашпільвалася на гаплікі. Па крою яна аднатыпна з украінскай світай з "фандамі", якая ў адрозненне ад беларускай мела не дзве складкі, а некалькі.

На поўдні Беларусі, а таксама ў радзе паветаў Магілёўскай губерні была вядома яшчэ світа з падразнымі бачкамі (карта 15). Пярэдняя частка яе, як і ва ўсіх тыпах світ, складалася з дзвюх суцэльных полак. Спінка ж на лініі таліі з бакоў падразалася, а ў цэнтры прыкладна на 9-12 см заставалася неадразной. Падразныя бачкі ледзь-ледзь прызборваліся і прышываліся да верхняй часткі. Пашытая такім чынам світа шчыльна аблягала фігуру і мела даволі прыемны знешні выгляд. Світа з падразнымі бачкамі была распаўсюджана на Украіне, а таксама ў Польшчы (на Падляшшы) 19.

На тэрыторыі Беларусі сярэдзіны XIX ст. найбольш распаўсюджаным было верхняе адзенне з сукна шэрага і белага колераў. Белы колер пераважаў у паўднёвых паветах Мінскай губерні, захопліваў Магілёўскую і ўсходнія раёны Віцебскай губерні і пашыраўся далей за межы Беларусі Смаленскую, Пскоўскую губерні, часткова Калужскую 20. Шэры ж найбольш характэрны для паўночна-заходняй Беларусі Нягледзячы на тое што перавага шэрага або белага колеру ў верхнім адзенні насельніцтва залежала ў асноўным ад таго, якую пароду авечак яно разводзіла, усе ж колер адзення стаў у нейкай ступені этнаграфічнай асаблівасцю Так, верхняе адзенне чорнага колеру ў сярэдзше XIX ст у беларусаў амаль не сустракалася Паяўленне яго прыпадае на больш познія часы Так, у палякаў, як адзначае Л. Галэмбеўскі, чорны колер увайшоў у моду з другой палавіны XVII ст І доўп час пераважаў сярод шляхты 21. У беларусаў жа яшчэ ў сярэдзіне XIX ст верхняе адзенне чорнага колеру таксама належала пераважна шляхце. На Віцебшчыне бытаваў нават такі жарт, нібы "чорная сярмяга падаравана толькі шляхце. Мужык можа наблізіцца да гэтага колеру, але не павінен насіць яе" 22. Гэта з'ява знайшла свае адлюстраванне і ў фальклоры. У адной вясельнай песні гаворыцца аб тым, што дзяўчына-нявеста адхіляе шляхту ў "чорных чарнінах" і кахае свайго "чалядзшачку" ў "белай сярмяжцы" 23.

Аднак ужо ў канцы XIX - пачатку XX ст. верхняе адзенне чорнага колеру шырока бытуе і ў асяроддзі сялян (карта 16). Як адзначаў П. В. Шэйн, "зараз ужо нельга ўбачыць белай сцяны, якая ўтваралася насовамі, белымі хусткамі, наміткамі, белымі шубамі, белымі сярмягамі. Цяпер гэта сцяна робіцца стракатаю, пялёсаю, і ў ёй толькі мільгае, а не пераважае белае адзенне" 24. I сапраўды, межы пашырэння белага адзення значна скараціліся. Нават на Магілёўшчыне, як паказалі нашы даследаванні, белы колер пераважаў у гэты час толькі ў Быхаўскім і Рагачоўскім паветах. На ўсёй тэрыторыі Беларусі распаўсюджана верхняе адзенне розных колераў - чорнага, карычневага, шэрага, сіняга. Шэры колер па-ранейшаму пераважаў у паўночна-заходняй Беларусі, карычневы сустракаўся ў паўднёвых раёнах. Сіні адзначан у месцах, пагранічных з Расіяй, дзе адзенне з сіняга хатняга або фабрычнага сукна было вельмі распаўсюджаным (карта 16) 25.

Назвы верхняга суконнага адзення тыпу "світа" даволі разнастайныя. Самай пашыранай на ўсёй тэрыторыі Беларусі была агульнаславянская назва "світа". Але побач з гэтым у беларусаў былі вядомы і іншыя тэрміны. У паўночных раёнах Магілёўскай, у Віцебскай, Віленскай і радзе паветаў Гродзенскай губерні бытавала старажытнаруская назва "сярмяга". Тэрмін гэты на захадзе пашыраўся за межы Беларусі ў Літву 26 і Польшчу 27. На поўначы і паўночным усходзе быў распаўсюджан тэрмін "армяк", бытаванне якога Л. Малчанава звязвае з рассяленнем старавераў на тэрыторыі Беларусі. На захадзе Мінскай губерні верхняе адзенне даволі часта называлася "халат", у радзе паветаў Гродзенскай губерні - "бурнос". Тэрмін гэты сустракаецца і ў раёнах Букавіны - "бурнус" 29. У паўднёва-заходнім Палессі шырока бытавала назва "латуха". Менш пашыраны былі тэрміны "сукман", "жупан", "кунтуш". Апошнія дзве назвы запазычаны ў палякаў і на Беларусі пашыраліся сярод шляхты. Гэта ў асноўным тэрміны, якія не абумоўлены ні кроем, ні яго дэталямі. Але, як паказалі нашы даследаванні, у беларусаў сустракаюцца і такія назвы ("казачына", "чуйка", "світа з вусам" і інш.), якія звязаны якраз з кроем верхняга адзення ці асобнымі яго часткамі. Так, напрыклад, казачынай у беларусаў называлі адзенне толькі адразное па таліі ў зборку. Тэрмін гэты, відаць, паходзіць ад рускага "казакнн" і распаўсюджваўся ў асноўным на ўсходзе. Суконная світа з вялікім адкладным каўняром называлася "чуйка", "чухмень" (руск. чекмень). Назва гэта сустракаецца на поўдні Беларусі. Бакавыя кліны - "вусы" абумовілі і назву - "світа з вусам" (паўднёва-ўсходнія раёны Палесся).

Багаццем упрыгожанняў верхняе адзенне не вылучаецца. Асабліва гэта трэба аднесці да паўночных і паўночна-заходніх раёнаў Беларусі, дзе верхняе адзенне, таксама як і жаночы і мужчынскі асноўныя комплексы наогул, упрыгожвалася мала. Увогуле ўпрыгожанні ў суконным верхнім адзенні і месца іх размяшчэння ў значнай ступені былі абумоўлены кроем. Сціпласцю ўпрыгожанняў вылучалася суконнае адзенне прамога халатападобнага крою. Звычайна правае крысо, ніз рукавоў, каўнер, кішэні абшываліся паскамі чорнага, сіняга або белага сукна. Зрэдку сукно замянялася скурай.

Найбольш багата і арыгінальна ўпрыгожвалася верхняе адзенне на Палессі, дзе была вядома світа з "вусам". У ёй упрыгожваліся не толькі каўнер, ніз рукавоў, крыссе, а абавязкова абшываліся і бакавыя кліны. Для паўднёва-заходніх раёнаў Палесся характэрна ўпрыгожанне шнурком, звітым з рознакаляровых суконных нітак, якім абшываліся каўнер, правае крысо, ніз рукавоў і бакавыя кліны, якія яшчэ ўпрыгожваліся кутасамі (дадатак, XXVIII, а, б). Але ў некаторых цэнтральных раёнах Палесся адзенне такога тыпу часта не ўпрыгожвалася зусім. Адзінай аздобай у такіх выпадках служыў каляровы пояс. Больш багата і заўсёды ўпрыгожвалася світа "з вусам" ва ўсходняй частцы Палесся. Яна вышывалася паскам тонкага куплёнага сукна (1,5-2 см шырынёй), якія тут звычайна называліся жычкамі, на поўначы Магілёўскай губерні (Сенненскі, Аршанскі паветы) - ірхамі. Для ўпрыгожанняў світы часцей за ўсё ўжываліся шнуркі сіняга, чорнага колераў. Пазней, у 20-30-я гады XX ст., у жаночай свіце паміж чорнымі і сінімі шнуркамі нашываўся яшчэ чырвоны, а ў радзе месц (Рэчыцкі, Мазырскі, Бабруйскі паветы) і зялёны.

У канцы XIX - пачатку XX ст., апрача доўгага, у беларусаў шырока бытавала і кароткае верхняе адзенне, якое трэба лічыць болып позняга паходжання, бо матэрыялы, па якіх можна было б меркаваць аб існаванні такога адзення раней XIX ст , намі пакуль што не выяўлены

Верхняе кароткае адзенне з рукавамі ў аднолькавай меры насілі мужчыны і жанчыны ўсіх сацыяльных слаёў. Шылася яно пераважна з сукна, радзей з палатна і ў некаторых выпадках з фабрычных матэрыялаў (карта 17). У беларусаў (асабліва ў паўночных раенах) шырока бытавала яшчэ цеплае кароткае адзенне Для яго часцей за ўсе ўжывалі кудзелю і ў рэдкіх выпадках вату

Па крою кароткае верхняе адзенне амаль нічым не адрозншалася ад світы. Але межы пашырэння асобных тыпаў яго не заўседы супадалі з межамі Існавання доўгага Так, напрыклад, кароткае адзенне адразное па таліі ў зборкі пашыралася не толькі на паўдневым усходзе, a было вядома і ў радзе паветаў Гродзенскай, Віленскай і Віцебскай губерняў, але разам з тым мела i некаторыя лакальныя адрозненні. Так, на поўдні Мінскай губерні (Слуцкі, Мазырскі паветы) і на Магілеўшчыне (Быхаўскі, Бабруйскі паветы) назіралася большая ўстойлівасць традыцынных элементаў. Для гэтых месц характэрна казачынка з нізкім стаячым каўняром, якая зашшльвалася толькі на гаплікі. На захадзе i поўначы Беларусі (Гродзенскі, Лідскі, Ашмянскі, Полацкі, Дзісенскі паветы) адзенне такога крою шылася толькі з адкладным каўняром, зашпільвалася на гузікі Крой кароткай світкі ў талію з падразнымі бачкамі і ўстаўнымі клінамі лакалізаваўся ў Пінскім, Слуцкім паветах Мінскай губерні, a таксама на Магілёўшчыне (Рагачоўскі, Клінавіцкі паветы) У першыя гады XX ст. на вёсцы шырокае распаўсюджанне атрымлівае кароткае адзенне прамога крою, якое зашпільвалася толькі на гузікі, з адкладным каўняром, праразнымі бакавымі кішэнямі (рыс. 16). Кароткае адзенне, i мужчынскае, i жаночае, мела назвы "куртка", "курцік", "каптанік", "світка", "латушка", "сярмяжка", "армячок", "казачынка" i інш. Побач з імі былі вядомы назвы, якія да-тычыліся толькі мужчынскага кароткага адзення: "пінжак", "кулёк", "кусёк" або толькі жаночага - "сачык", "сачок" i інш. Яны былі вядомы на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Вузкалакальнае пашырэнне мелі назвы, запазычаныя ад суседніх народаў. Так, для ўсходняй часткі Беларусі былі характэрны рускія - "паддзеўка", "паддзёўка" (мужчынскае адзенне). У раёнах, пагранічных з Польшчай, вядома назва "марынарка", на мяжы з Украінай побач з іншымі - "сардачок". Усё гэта кароткае верхняе адзенне розных тыпаў.

Для беларусаў, як i для іншых народаў, было характэрна i верхняе адзенне з аўчын - кажух. У другой палавіне XIX ст. на тэрыторыі Беларусі шырока бытуе нядублены кажух з белых аўчын. Аднак пачынаючы з канца XIX ст. шырокае распаўсюджанне набывае дублены кажух, які паступова выцясняе белы. У першую чаргу гэта адносіцца да поўначы Беларусі. У паўднёвай жа частцы яшчэ доўгі час пераважалі белыя нядубленыя кажухі, якія захаваліся нават да 30-х гадоў нашага стагоддзя.

Крой кажухоў y асноўным супадае з кроем суконнага верхняга адзення. На ўсёй тэрыторыі Беларусі самым пашыраным быў кажух прамога крою. Мясцовыя адрозненні заключаліся ў асобных дэталях: y форме i памеры каўняра, спосабу зашпільвання i інш. На Палессі, асабліва ва ўсходніх яго раёнах, бытаваў кажух з "вусам", але ў параўнанні са світай такога ж тыпу быў менш распаўсюджан. Насілі яго часцей жанчыны. Рабіўся ён звычайна белым i абавязкова ўпрыгожваўся. Для гэтага бралі кавалак тонкай аўчыны (без воўны) адпаведнага памеру, старанна выпрацоўвалі i адбельвалі. У ім на аднолькавай адлегласці (прыкладна 1,5-2 см) праразалі адтуліны, y якія працягвалі шнуркі, a пасля ўжо нашывалі на кажух. Крой кажуха ў талію з адразной спінкай i зборкамі шырока бытаваў y Магілёўскай, паўднёвых i цэнтральных паветах Мінскай i менш y Гродзенскай губерні. (Такі тып намі зафіксаван толькі ў Кобрынскім павеце).

Самая пашыраная назва гэтага віду верхняга адзення - "кажух". На ўсходзе Віцебскай i Магілёўскай губерняў яго называлі шубай. Шубай называлі таксама кажух, пацягнуты зверху сукном. Такія кажухі насіла ў асноўным шляхта. Доўгі да пят кажух прамога крою з шырокім каўняром называўся тулупам. Служыў ён дарожным адзеннем i быў характэрны для Магі-лёўскай губерні. Лакальнае пашырэнне мела назва "казачына" (поўдзень Магілёўскай i Мінскай губерняў, зрэдку ў Мінскім павеце) (дадатак, XXX, в, г).

У канцы XIX - пачатку XX ст. шырокае распаўсюджанне набывае кароткі кажух - кажушак, паўшубак часцей прамога крою.

У параўнанні з суконным i футравым менш распаўсюджана ў беларусаў было верхняе адзенне з палатна - насоў, балахон, летнік, касталан. Раёны найбольш шырокага бытавання - поўнач Беларусі. На поўдні палатнянае верхняе адзенне сустракалася радзей.

Колер, a таксама крой палатнянага адзення беларусаў канца XIX - пачатку XX ст. y параўнанні з суконным былі менш разнастайнымі. Насоў - вельмі часта ён называўся "балахон", a на поўначы Віцебскай губерні - "шарапан" - шыўся са зрэбнага неадбеленага чатырохнітовага палатна, пафарбаванага часам y сіні або ка-рычневы колер. Быў ён расхінным, з прамой спінкай i адкладным каўняром (найбольшае распаўсюджанне меў на тэрыторыі Віцебшчыны). Такі балахон быў пашыран i на поўначы Расіі 31.

У радзе месц Віленскай, на поўначы Гродзенскай i Мінскай губерняў бытаваў насоў, які быў самастойным адзеннем i надзяваўся звычайна ўвосень або летам y халаднаватыя дні. Спінка ў ім была прамая, часам з хлясцікам, зашпільваўся толькі на гузікі, даўжыня крыху ніжэй кален, але вельмі часта ён шыўся i больш кароткім.

Палатнянае верхняе адзенне ў талію не мела шырокага распаўсюджання. У асобных выпадках адзначана ў Дзісенскім, Ігуменскім, Аршанскім, Віленскім паветах i на поўдні ў Мазыр-скім павеце (тут яно называлася "белячок"). Насілі такое адзенне болын мужчыны. У некаторых месцах (Магілёўская, Віцебская, Мінская губерні) такі насоў i белыя палатняныя штаны служылі святочным мужчынскім адзеннем. На ўсходзе Віцебскай губерні М. Я. Нікіфароўскі адзначае бытаванне палатнянага насова "ў талію з клінамі па баках, нізкім стаячым каўняром, зашпільваўся на тры гузікі, пярэдняе крыссе з накладнымі карманамі, шыўся даўжынёю да кален" 32.

Такія насовы шыліся з адбеленага палатна, вытканага часта ў два ніты. На нашу думку, з'яўленне палатнянага насова як самастойнага адзення - вынік трансфармацыі крою нерасхіннага, так званага "глухога" насова, які быў вядомы на Віцебшчыне i адзначаецца ў матэрыялах XIX ст. Так, Д. Зяленін піша, што ў "сялян непадалёку ад Суража жанчыны летам надзяваюць на сарочку панёву (круглякі, насоўкі), пашытыя кроем мяшка з разрэзам толькі ля каўняра" 33. Бытаваў нерасхінны насоў i ў Ашмянскім раёне. Тут яшчэ памятаюць насоў з адкладным каўняром з разрэзам на грудзях да пояса 34. У Ноўгарадскай, Пскоўскай, Смаленскай i іншых губернях Расіі назвы "насоў" i "касталан" ужываліся для нагруднага туніка-падобнага адзення з рукавамі, якое, на думку даследчыкаў 35, з'явілася прататыпам "глухога" сарафана.

Апрача рускіх i беларусаў, палатнянае верхняе адзенне вядома таксама y эстонцаў 36 i пaлякаў (pl?tnjanska, parcijanka) 37.

Плашчападобнае адзенне без рукавоў y канцы XIX - пачатку XX ст. на тэрыторыі Беларусі не насілі. Аднак y матэрыялах першай палавіны XVI ст. пры апісанні мужчынскага адзення заможных слаёў насельніцтва адзначаецца "епанча чорная" i тлумачыцца як шырокі доўгі плашч без рукавоў. Пры апісанні простага адзення народа таксама ўпамінаецца суконны плашч - "сукман" 38.

Як паказваюць шматлікія літаратурныя i apхіўныя крыніцы сярэдзіны XIX ст., беларускі селянін y зімовы час на кажух звычайна надзяваў суконную світу (сярмягу, латуху i r. д.). На поўначы Беларусі дадатковым адзеннем служыў палатняны балахон. Шыўся ён вельмі шырокім. Спінка, крыссе i бакавыя кліны ў аб'ёме складалі 2,5 м. Такі балахон зашпільваўся толькі на адзін гузік зверху або завязваўся пад шыяй на шнурок, меў вялікі каўнер, пазней да яго сталі прышываць башлык.

У канцы XIX i асабліва ў пачатку XX ст. было значна пашырана суконнае адзенне прамога крою з адкладным каўняром, зашпільвалася на гузікі. Гэта адзенне часта замяняла плашч. У паўднёва-заходняй Беларусі адзенне такога тыпу мела назву "бурка". Яна шылася абавязкова з башлыком i хлясцікам (дадатак, XXIX, в, г). Башлык даволі часта прышываўся i да армяка (Віцебшчына) і да бурноса (Гродзеншчына).

Вывучэнне верхняга адзення канца XIX - пачатку XX ст. паказала, што найбольш характэрным для беларускага сялянства з'яўляецца верхняе адзенне прамога крою. Яно было пашырана на ўсёй тэрыторыі Беларусі, але пераважала ў паўночнай яе частцы (Віцебская, Віленская, поўнач Мінскай губерні). На тэрыторыі Палесся бытавала верхняе адзенне з "вусам". У радзе месц Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай губерняў было вядома адразное па таліі адзенне ў зборкі. На поўдні Беларусі i ў некаторых паветах Магілёўскай губерні была вядома світа з падразнымі бачкамі i ўстаўнымі клінамі.

У верхнім традыцыйным адзенні беларусаў прасочваюцца рысы (крой, назва), агульныя для верхняга адзення рускіх, украінцаў, балгар, палякаў, a таксама іншых народаў (літоўцаў, эстонцаў), што гаворыць аб ix узаемасувязях.

Працэс пераходу ад традыцыйнага верхняга адзення з даматканіны да адзення новага тыпу з фабрычных матэрыялаў, які пачынаецца ў канцы XIX ст., найболыыае развіццё набывае толькі ў гадысавецкай улады i поўнасцю завяршаецца ў пасляваенны час. Сёння традыцыйнае верхняе адзенне на тэрыторыі Беларусі - гэта ўжо этнаграфічныя рэлікты. Аб яго існаванні гавораць толькі некаторыя назвы, якія захаваліся да цяперашняга часу: світа, сярмяга, каптанік, паддзеўка, пінжак i інш.




1 АВАК, т. XVII. Вильно, 1890, стар. LXVII, LXX.
2 Архіў ІМЭФ, ф. 6, воп. 7, спр. 956, л. 3.
3 Н. Зеленский. Минская губерния. Материалы для географии статистики Росснн, собранные офицерами Генерального штаба, ч. 2. СПб, 1864, стар. 258.
4 Гісторыя Беларускай ССР, т. 1. Мінск, 1972, стар. 474.
5 Там жа, стар. 473.
6 Очерки по археологии Белоруссии, ч. 1. Минск, 1970, стар. 174.
7 М. Я. Грынблат. Сялянскія промыслы і рамёствы ў Беларусі. "Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук", 1957, № 2, стар. 57.
8 А. С. Дембовецкий. Опыт описания Могилёвской губернии, кн. 2. Могилев, 1884, стар. 307.
9 А. С. Дембовецкий. Опыт описания Могилёвской губернии, кн. 2, стар. 306.
10 Там жа, стар. 307.
11 Архіў Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі, адз. зах. 40; гл. таксама: К. Т. Аникиевич. .Сенненский уезд. Могилев, 1907, стар. 107.
12 "Wisia", t. XVIII. Warszawa, 1904, стар. 449.
13 М. Г. Велева, Е. Н. Лепавцова Народная одежда болгар в северной Болгарии в XIX и начале XX вв. София, 1961, мал. 25, 336, 35а.
14 Народы Европейской части СССР, ч. 1. М., 1964, стар. 666.
15 Архіў ІМЭФ, ф. 6, воп. 11, спр 120, л. 3
16 М. Мастоннте. Литовская народная одежда в XIX - начале XX в. Вильнюс, 1967, стар. 18.
17 Русские. Историко-этнографический атлас. М , 1967, стар. 244.
18 Народы Европейской части СССР, ч. 1, стар 666
19 Janusz Swiezy. Stroj podlaski. Wroslaw, 1958, стар. 13.
20 Русские. Историко-этнографический атлас, стар. 241
21 L. Golfbjowski. Ubjory w Polske. Krakow, 1861, стар. 99-100
22 H. Я. Никифоровский. Очерки житья-бытья в Витебской Белоруссии. Витебск, 1895, стар . XXII.
23 М. Я. Гринблат. Белорусы. Минск, 1965, стар. 244.
24 П. В. Шейн. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края, т. 3. СПб, 1902, стар. 53.
25 Русские. Историко-этнографический атлас, стар. 241.
26 М. Мacтоннте. Лнтовская народная одежда..., стар. 18.
27 L.. Gо1ebjowski. Ubjory w Polske, стар. 482.
28 Л. А. Молчанова. Материальная культура белорусов. Минск, 1968, стар. 152.
29 Народы Европейской части СССР, ч. 1, стар. 672.
30 П. В. Шейн. Материалы для быта и языка..., стар. 43.
31 Русские. Историко-этнографический атлас, стар. 246.
32 Н. Я. Никифоровский. Очерки простонародного житья-бытья..., стар. 110.
33 Д. К. Зeлeнин. Описанне рукописей ученого архива императорского Русского географического общества, вып. 1. Пт., 1914, стар. 131-132.
34 Архіў ІМЭФ, ф. 6, воп. 11, спр. 409, л. 8; спр. 412, л. 4.
35 Русские. Историко-этнографнческий атлас, стар. 210.
36 Народы Европейской части СССР, ч. 2. М., 1964, стар. 272.
37 Tadeusz Seweryn. Str?j krakowiak?w wschodnich. Wroc?aw, 1960, стар. 50.
Barbara Kaznowska-Jarecka. Str?j bi?gorajsko-tarnogrodzki. Wroc?aw, 1958, стар. 9.
38 ABAK, t. XVII, 1890, стар. 57, 70.
  © 2004 МГА "Хаўрус сяброў". Design by - mechanical wind. Idea of katalik.